ГЛАВА 2   

      Дзякуючы сяброўскай дапамозе й некаторым сувязям, напрыканцы зімы 2000 году ўдалося заарэндаваць памяшканьне для рэпетыцыяў. Гэта быў чацьверты (ці пяты?) паверх Палаца Культуры Прафсаюзаў на Менскай Цэнтральнай (як яе яшчэ памылкова называюць, Кастрычніцкая) плошчы. Кропак для рэпетыцыяў тут заўсёды было шмат, у часы 1992-1994 году я і сам тут быў амаль безпадзельным уладаром часткі падмурку - рэпетавалі ў нейкай касьцюмернай (тады быў бубначом гурту "Цаглянае Кола"). Побач у сталярцы рэпетавалі нейкія металісты. Але тое, што дасталося зараз - і за грошы - была легендарная, адна з першых менскіх студыяў, саматужна зробленая па тамтэйшых стандартах нейкімі джазмэнамі яшчэ ў барадатыя сямідзесятыя! Праўду кажучы, там усё ледзь трымалася, але пульт “Электроніка” і такія ж дынамікі/узмацняльнікі яшчэ функцыянавалі і някепска. Пасьля нядоўгіх перамоваў згадзіліся працаваць разам Юрась Ляўкоў, басіста зь Н.Р.М., і Кірыла “Валасаты” Мусінскі, што калісьці граў у гурце Why Not. На месца гітарыста быў запрошаны Макс Паравы зь Нейра Дзюбель, але пасля чатырох, можа, рэпетыцыяў давялося прабачыцца й развітацца. Бо Макс, можа й неблагі гітарыст, але ў межах Дзюбелю. Нейкі час мы рэпетавалі ўтрох, а потым на спрэчку папрасілі паграць Рому Арлова*, што калісьці граў у кантры-групе BobMarlboro&TheWinstons, і ў групе Буржуазія. Але парэпетаваць зь ім атрымалася толькі раз. Праз дзень мне паведамілі, што па прычынах аварыйнага стану будынку, палац зачыняецца цалкам, акрамя казіно, рэстарацыі й лазьні, якія знаходзяцца ў падмурку. Гэта было кепска, бо ўжо была дамоўленасьць са студыяй НДТРК на запіс. Але працягвалі рыхтавацца, гэтак кажучы, па сябрах. Гэта так ці інкш ўдавалася. І літаральна ўначы перад запісам патэлефанаваў Мусінскі, і хуценька, без тлумачэньня паведаміў, што заўтра на запіс прыехаць ня здольны, і трубу паклаў. Толькі потым я дазнаўся, што ў яго было вясельле, а ў той момант я дзіка раззлаваўся, кінуў коней, усё паадмяняў, і раніцой зьехаў у Вільню, дзе з цікавасьцю прахезаў увесь бюджэт запісу. І гэта не кажучы пра тое, што ў гэты самы час я мусіў прысутнічаць на першай сэсіі запісу таго праекту, што праз палову году атрымаў назву “Я Нарадзіўся Тут”. Замест я ня ў вельмі цьвярозым стане на цягу тыдня тэлефанаваў зь віленскіх аўтаматаў у менскую студыю, й цікавіўся, ну як там справы? Можаце самі ўявіць, што мне адказвалі сябры - Вольскі&C!!!

      Але ўсё ж прыйшлося вяртацца, што ні кажы! Праца над праектам адбірала шмат часу, але трохі заставалася на некаторыя радасьці жыцьця, ня толькі ўласныя. Набліжаўся канец траўня, у плянях была сумесная вандроўка з Крыві па нямеччыне, і адчуваньне неабходнасьці "кроў-з-носу" запісаць адну сваю песьню... Дзеля гэтага быў ізноўку рэкрутаваны К.Мусінскі, якому ва ўльтыматыўнай форме былі прадыктаваныя ўмовы. За два дублі ён запісаў бубны, потым я награў партыі бас-гітары і абодве гітары, і паспрабаваў запісаць вакалы. Гэта каштавала дзьвух нэрвовых зрываў, але песьня была скончана ў гэткім выглядзе за 4 гадзіны. Наступным днём, прыйшоўшы ў студыю я ўбачыў, як Лявон дапісвае ў мой трэкінг арган, адразу папрасіў яго застацца на запіс дадатковых галасоў, і выклікаў Вераніку. Мы запісалі прыпевы, я перапеў тое-сёе, і 29 траўня мы-ткі зьвялі і я пусьціў на касэтах па рукох "Крывавае Сьвята"**. Праз два дні я зьехаў у Бэрлін.

      Вярнушыся, не кідаў думкі пра тое, як бы аднавіць працэс. А тут яшчэ паралельна запрасілі правесьці две акцы ў Польшчы нашыя сябры: "Купальле" са Зьвязам Беларускай Моладзі, і легендарнае Басовішча. Прычым, на купальлі папрасілі яшчэ й зайграць, побач зь "Новым Небам", "Улісам", "Н.Р.М."-ам... Ну і прэм'ера новага гурту "Zэт" мусіла там адбыцца. Каб не чапаць перагружанага Ляўкова (занятага на праекце, і перазапісам новай праграмы НРМ-у***), і увогуле не бачыць Мусу, вырашыў пайсьці на страшнага кшталту афёру: запрасіць прафесіяналаў за гарантаваныя грошы. Пагітарыць прапанаваў Піту Паўлаву, а праз яго дастаў бубнача Андрэя Сапоненка і супэр-басіста Аляксандра Салаўёва, што калісьці зьехаў у Італію, але праз якіх год 10 вярнуўся. За адну (!) рэпетыцыю мы паднялі тры песьні літаральна напярэдадні ад'езду, прыехаўшы ў Нарэў рэпетнулі на каленях, і згралі. Рытм-сэкцыю Сапоненка/Салаўёў я лічу адной з лепшых па зладжанасьці і згранасьці, бо ў часе выступу амаль літаральна абапіраўся на іх! Тое, што граў Піт, я чуў кепска, як і свой голас. Атрымаўшы потым запіс, знайшоў, што Піт граў на паўтары тоны ніжэй! Але гэта ўсё ж была амаль прэмьера!!!

      Прайшоў яшчэ месяц вандровак з Крыві па Нямеччыне, Аўстрыі й Славеніі, яшчэ колькі вар'яцкіх тыдняў даробак і пераробак праекту, надыйшла восень, і мы патроху ізноў пачалі зьбірацца першым складам, пераасэнсаваўшы ўсё, што было. Большасьць часу мы рэпетавалі ізноўку зь Юрыкам (Ляўковым), да таго ж наперадзе быў выступ на фэсьце аўтарскай песьні "Бардаўская Восень" у Бельску. Напачатку кастрычніка мяне моцна збілі невядомыя, скінулі з моста, абрабавалі на дакумэнты, грошы, фотакамэру й тры матрыцы першых варыянтаў зводу "Я Нарадзіўся Тут". (Цікава, што гэта адбывалася непасрэдна ля станцыі мэтро "Няміга", і побач з тым месцам, дзе раней такім жа чынам былі зьбітыя Р.Янкоўскі і В.Мазынскі, побач крамы "Алеся".) Можа нехта зь тых гаўнюкоў захаваў хаця б адзін дыск, бо гэта рарытэты? Тры песьні былі потым цалкам пераробленыя, і варыянтаў не засталося...

     Пасля "Бардаўскай Восені" мы вярнуліся да майго матэрыялу. Да нас далучыўся Сяргей Надзёжкін, гітарыст гурту "Тарнада"("Red Dynamite")", і некалі "Новага Неба" (яго прывёў Юрык). Мы даволі хутка ўзнавілі праграму, і паспрабавалі зрабіць запіс на студыі "Беларускіх Песьняроў" у Барыса Даўгіх, тады яшчэ ў Белдзяржфілярмоніі (бо на тэлебачаньні ўзьніклі тэхнічныя праблемы). Дзьве песьні мы пісалі... 32 гадзіны на цягу чатырох дзён!!! Высьветлілася, што Муса альбо спалохаўся фірмовых бубноў "Ludvig", альбо пра нешта іншае думаў, альбо проста ня меў досьведу працы! Што ў Ляўкова бас быў разладжаны, і яго давялося перапісваць ажно двойчы. Што мая гітара таксама ня ладзіць, і што мне проста нязручна сьпяваць у той студыі... Адзінае што гучала, гэта гітара Надзёжкіна, але пры зводзе высьветлілася, што запіс няякасны!.. Бора Даўгіх сам двойчы перагрываў бубны, спяваў дадатковым голасам, спрабаваў "пабубніць" і Андрэй Цераховіч ("Сябры") - усё дарма. Запісы засталіся, але наўрацьце я калі хутка каму пакажу тыя варыянты "Быць Беларусам" і "Сьвята Пакрадзенае". Дзякуй Боры, можа пашкадаваўшы маю нягегласьць, ўзяў ён грошай толькі як мы дамаўляліся, а не як трэба было б... Такі быў красавічок ужо 2001 году... Прабачыўшыся перад Надзёжкіным, і развітаўшыся з Мусінскім, нічога не кажучы Ляўкову, я павесіў гітару разам з тэкстамі на цвік, і пайшоў за півам, разважаючы, дзе мне адшукаць бубнача, каб ня быў ён апантаным цалкам сваёй жонкай, гітарыста без малога дзіця, і басіста без трохразовых на тыдзень выездаў на буда-хаўтуры, і каб яны яшчэ памяталі, што гралі на перадапошняй рэпетыцыі...


* - Раман Арлоў, сын выбітнага беларускага гісторыка й пісьменьніка Ўладзіміра Арлова. Якраз у той час ён праходзіў стан, можа, асэнсаваньня свайго жыцьцёвага шляху, і пасьля ліквідацыі лэйблу "Бульба-Рэкардс" вырашыў засярэдзіцца выключна на прадзюсэрскай працы. Маё асабістае стаўленьне - лепш бы граў на гітары! Але мы даволі здаўна знаёмыя, каб вучыць адзін аднаго, што рабіць па жыцьці.

Чытаць далей

** - песьня "Крывавае Сьвята" была запісаная падчас сэсіяў "Я Нарадзіўся Тут", але не была прызначаная для гэтага праекту. Я проста адчуваў, што калі я не запішу яе да канца траўня, мне няма сэнсу больш займацца музыкай увогуле. Дзякуй Богу, Лявону, Вераніке, Юрыку Гарачке і Эдзіку Альтшулеру, мы яе запісалі. Алесь Суша запатрабаваў, каб я аддаў песьню ў праект. Супраць гэтага былі і Вольскі, і Вайцюшкевіч, і Вераніка, і я. Але ... мы мусілі...

Чытаць далей

*** - альбом, які зьявіўся ў кастрычніку 2000 году пад назвай "Тры Чарапахі" запісваўся двойчы. Першы раз у Варшаве - з тых запісаў быў складзены "самотнік". Нанова цалкам перарабляўся праз год у Г.Сыракваша.

Чытаць далей

<---ГЛАВА 1 ГЛАВА 3--->

 
 
 

Гiсторыя:

Глава 1
Глава 3
alexander@pomidoroff.net  
webmaster@pomidoroff.net  

NeuroDubel.com Наша кнопка

special thanks: A. Mauzon