ГЛАВА 1
Першыя
песьні на беларускай мове пачалі зьяўляцца недзе падчас гвалтоўнай
беларусізацыі насельніцтва пачатку 90-х гадоў, дакладней, у 1990. Вучыўся тады
ў Менскім Інстытуце Культуры, і шмат кантактаваў з сябрамі зь іншых ВНУ, што
пачыналі стагнаць й часам лямантаваць ад пераводу, напрыклад, вывучэньня
вышэйшае матэматыкі ці юрыспрудэнцыі на мову. Справа ў тым, што выкладчыкі
атрымоўвалі (і здаецца дагэтуль атрымоўваюць дзе-нідзе) каэфіцыэнт да 20%
адсоткаў акладу за мову. Нягледзячы на тое, што, напрыклад, у маёй сямьі мова
беларуская прысутнічала роўна з расейскай, азы яе вывучаліся яшчэ ў дзіцячым
садку (так!), і ў школцы мне пашчасьціла зь выкладчыцай белмовы й літаратуры
(В.Я.Кароль), студэнцкая салідарнасьць й максімалізм рабілі сваю справу.
(Дзіўна, што гісторыя потым павярнулася так, як у адной зь першых маіх
беларускамоўных песень). Першыя спробы запісу “нацыянальна сьвядомага”
матэрыялу рабіліся непасрэдна на хаце, пры дапамозе наступных прыстасаваньняў:
6-ці канальны мікшэрны пульт “САМ” (г.Люберцы), рэвербэратар “Лель-РЦ”,
драм-машына “Лель”, магнітафон “Легенда-404” (2-х хуткасны), магнітафон
“Бярэсьце”, магнітафон “Электроніка-302”, бас-гітара “Galaxis”, гітары “Orfeus”
і “Eterna deluxe-2”, а таксама нейкіх савецкіх прыладаў да гітар і астатняга.
Што казаць, усё рабілася ў адзіноце, і даволі хутка... Чаму так падрабязна
распавядаю? Дык самому прыемна ўзгадаць, а, да таго ж, можа яшчэ хто-небудзь
парэфлексуе... Калі ласка. :)
Дык
вось, гралася ўсё гэта нібы панкам-рокам, і нягледзячы на сьцёб і пэўную
злосьць, смак мовы ўсё ж такі пакаштаваў! І стала цікава надалей
эксперыментаваць, менавіта ў экстрэмальнай плыні па-беларуску. Але, моцным
штуршком быў год 1996, здаецца, калі давялося сазнаёміцца зь вядомымі
белрокавымі пэрсонамі, і да таго ж з жыдоўскай вясельнай песьняй паўдзельнічаць
у супольным музычным праекце “Народны Альбом”.
Зьмена
асяроддзя, беларускамоўныя правакацыі ў эфіры (тады працаваў на менскім радыё
Бі-Эй), гастролі зь “НА”, карацей, ізноў пачалі зьяўляцца некаторыя
вершавана/рыфмаваныя думкі па-беларуску, проці тагачаснай маёй фармацыі “Пьяные
Гости”. Гэтак усё вяла (у сэнсе творчасьці) цягнулася да 1999 году, калі менскі
бізнэсмэн, у мінулым журналіст, адзін з выдаўцоў/рэдактараў “Навінаў БНФ” канца
80-х, Алесь Суша прапанаваў удзельнікам “НА” зрабіць калядны дыск. Мусілі
зрабіць па апрацоўцы хрысьціянскага каляднага стандарту, і па аўтарскай рэчы. У
вельмі сьціслыя тэрміны мусілі аддаць дэма-запіс. Прыродная лянота і алкаголь
асабіста мне перашкаджалі. І таму ў працэс умяшаўся лёс у твары Веранікі
Кругловай зь Крыві. Літаральна раніцой у дзень дэдлайну яна запатрабавала, каб
я напісаў нешта кшталту рэпу, і каб ёй там месца было б. Эксперыментаваць зь
рэпам я ўжо на той час стаміўся, а па-беларуску час ад часу імправізаваў
па-пьяні. Адказаць прыгожай жанчыне? Ды яшчэ, калі яна бярэ “на слабо”?
Тыя-гэтыя ідэі сюжэту, зарысовачкі ўжо былі, таму прыйшлося гвалтоўна выцягваць
сябе зь пост-алкагольнага стану, заганяцца па-новай... але праз якую гадзіну
палова тэксту была гатовая. Пакуль мы даехалі на запіс дэма ў студыю Н.Р.М.,
пакуль чакаў сваей чаргі, песьня “Цуд На Каляды” была ўжо накрэмзана на двух
аркушыках бруднай паперы, моцна палітай гарэлкай. Праграмаваньне Лявонам
Вольскім клявішаў, і запіс на магнітафон паловы песьні, у сваю чаргу, занялі
можа хвілінаў сорак. Толькі вось тэскт першапачаткова быў трохі іншы. Прыйдзе
час – пачуеце. :)
Гэта
ўсё адбывалася ў кастрычніку. А ў лістападзе я загрымеў у шпіталь для хворых на
горла/нос/слых. Паколькі там было даволі ціха, было б глупа не скарыстать два
тыдні часу на прывядзеньне да парадку розных кавалкаў/шматкоў тэкстаў за гады
можа тры. Менавіта тады былі даведзеныя да розуму некаторыя старыя песьні, і
зьявіліся новыя. Фактычна, праграма зь адзінаццаці песьняў была ў тэкставым
выглядзе скончана ў першыя дні сьнежня 1999 году. Акустычнае дэма было запісана
на студыі былога “Радыё 101.2” пры дапамозе старога сябра, гукарэжысэра Анатоля
Додзя. Пачыналася ня меньш цікавае – фаза роздуму, каго запрасіць у таварышы, і
спробы рэялізаваць рэпетыцыйны працэс!
ГЛАВА 2--->