ГЛАВА 1   

       Першыя песьні на беларускай мове пачалі зьяўляцца недзе падчас гвалтоўнай беларусізацыі насельніцтва пачатку 90-х гадоў, дакладней, у 1990. Вучыўся тады ў Менскім Інстытуце Культуры, і шмат кантактаваў з сябрамі зь іншых ВНУ, што пачыналі стагнаць й часам лямантаваць ад пераводу, напрыклад, вывучэньня вышэйшае матэматыкі ці юрыспрудэнцыі на мову. Справа ў тым, што выкладчыкі атрымоўвалі (і здаецца дагэтуль атрымоўваюць дзе-нідзе) каэфіцыэнт да 20% адсоткаў акладу за мову. Нягледзячы на тое, што, напрыклад, у маёй сямьі мова беларуская прысутнічала роўна з расейскай, азы яе вывучаліся яшчэ ў дзіцячым садку (так!), і ў школцы мне пашчасьціла зь выкладчыцай белмовы й літаратуры (В.Я.Кароль), студэнцкая салідарнасьць й максімалізм рабілі сваю справу. (Дзіўна, што гісторыя потым павярнулася так, як у адной зь першых маіх беларускамоўных песень). Першыя спробы запісу “нацыянальна сьвядомага” матэрыялу рабіліся непасрэдна на хаце, пры дапамозе наступных прыстасаваньняў: 6-ці канальны мікшэрны пульт “САМ” (г.Люберцы), рэвербэратар “Лель-РЦ”, драм-машына “Лель”, магнітафон “Легенда-404” (2-х хуткасны), магнітафон “Бярэсьце”, магнітафон “Электроніка-302”, бас-гітара “Galaxis”, гітары “Orfeus” і “Eterna deluxe-2”, а таксама нейкіх савецкіх прыладаў да гітар і астатняга. Што казаць, усё рабілася ў адзіноце, і даволі хутка... Чаму так падрабязна распавядаю? Дык самому прыемна ўзгадаць, а, да таго ж, можа яшчэ хто-небудзь парэфлексуе... Калі ласка. :)

       Дык вось, гралася ўсё гэта нібы панкам-рокам, і нягледзячы на сьцёб і пэўную злосьць, смак мовы ўсё ж такі пакаштаваў! І стала цікава надалей эксперыментаваць, менавіта ў экстрэмальнай плыні па-беларуску. Але, моцным штуршком быў год 1996, здаецца, калі давялося сазнаёміцца зь вядомымі белрокавымі пэрсонамі, і да таго ж з жыдоўскай вясельнай песьняй паўдзельнічаць у супольным музычным праекце “Народны Альбом”.

       Зьмена асяроддзя, беларускамоўныя правакацыі ў эфіры (тады працаваў на менскім радыё Бі-Эй), гастролі зь “НА”, карацей, ізноў пачалі зьяўляцца некаторыя вершавана/рыфмаваныя думкі па-беларуску, проці тагачаснай маёй фармацыі “Пьяные Гости”. Гэтак усё вяла (у сэнсе творчасьці) цягнулася да 1999 году, калі менскі бізнэсмэн, у мінулым журналіст, адзін з выдаўцоў/рэдактараў “Навінаў БНФ” канца 80-х, Алесь Суша прапанаваў удзельнікам “НА” зрабіць калядны дыск. Мусілі зрабіць па апрацоўцы хрысьціянскага каляднага стандарту, і па аўтарскай рэчы. У вельмі сьціслыя тэрміны мусілі аддаць дэма-запіс. Прыродная лянота і алкаголь асабіста мне перашкаджалі. І таму ў працэс умяшаўся лёс у твары Веранікі Кругловай зь Крыві. Літаральна раніцой у дзень дэдлайну яна запатрабавала, каб я напісаў нешта кшталту рэпу, і каб ёй там месца было б. Эксперыментаваць зь рэпам я ўжо на той час стаміўся, а па-беларуску час ад часу імправізаваў па-пьяні. Адказаць прыгожай жанчыне? Ды яшчэ, калі яна бярэ “на слабо”? Тыя-гэтыя ідэі сюжэту, зарысовачкі ўжо былі, таму прыйшлося гвалтоўна выцягваць сябе зь пост-алкагольнага стану, заганяцца па-новай... але праз якую гадзіну палова тэксту была гатовая. Пакуль мы даехалі на запіс дэма ў студыю Н.Р.М., пакуль чакаў сваей чаргі, песьня “Цуд На Каляды” была ўжо накрэмзана на двух аркушыках бруднай паперы, моцна палітай гарэлкай. Праграмаваньне Лявонам Вольскім клявішаў, і запіс на магнітафон паловы песьні, у сваю чаргу, занялі можа хвілінаў сорак. Толькі вось тэскт першапачаткова быў трохі іншы. Прыйдзе час – пачуеце. :)

       Гэта ўсё адбывалася ў кастрычніку. А ў лістападзе я загрымеў у шпіталь для хворых на горла/нос/слых. Паколькі там было даволі ціха, было б глупа не скарыстать два тыдні часу на прывядзеньне да парадку розных кавалкаў/шматкоў тэкстаў за гады можа тры. Менавіта тады былі даведзеныя да розуму некаторыя старыя песьні, і зьявіліся новыя. Фактычна, праграма зь адзінаццаці песьняў была ў тэкставым выглядзе скончана ў першыя дні сьнежня 1999 году. Акустычнае дэма было запісана на студыі былога “Радыё 101.2” пры дапамозе старога сябра, гукарэжысэра Анатоля Додзя. Пачыналася ня меньш цікавае – фаза роздуму, каго запрасіць у таварышы, і спробы рэялізаваць рэпетыцыйны працэс!

ГЛАВА 2--->

 
 
 

Гiсторыя:

Глава 2
Глава 3
alexander@pomidoroff.net  
webmaster@pomidoroff.net  

NeuroDubel.com Наша кнопка

special thanks: A. Mauzon