АДКРЫТЫ ЛІСТ
Беларускіх музыкаў
Мы, беларускія музыкі, лічым неабходным выказаць неразуменне і заклапочанасць з нагоды прэсінгу, які адчуваем напрацягу ўжо амаль двух месяцаў, што мінулі пасля 21-га ліпеня 2004 года. У гэты дзень мы, гурты "Палац", Drum Ecstasy, "Нейро Дюбель", N.R.M., Зміцер Вайцюшкевіч, ZET і Pomidor/OFF выступілі на канцэрце, прымеркаваным да 10-годдзя кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Хочам падкрэсліць, што мітынг і канцэрт на плошчы Бангалор былі афіцыйна дазволеныя ўладамі. Аднак ужо на наступны дзень мы пачалі адчуваць на сабе наступствы ўдзелу ў гэтай акцыі.
Нашы канцэрты адмяняюць у апошні момант па надуманых прычынах - а часам і наогул забараняюць. Супрацоўнікі тэле- і радыёстанцый неаднаразова казалі нам, што існуе нейкая забарона на згадванне ў інфармацыйных блоках і трансляцыю песень гуртоў-удзельнікаў канцэрта на плошчы Бангалор у дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ (газеты "Рэспубліка", "Советская Белоруссия", "Звязда" і інш., тэлебачанне: Першы Нацыянальны, "Лад", СТВ, ОНТ; радыё: Першая і Другая праграмы Нацыянальнага радыё, "Радиус FM", "Пилот FM", "Радио Минск", "Новое Радио"). Таксама ажыццяўляецца ціск на кіраўніцтва камерцыйных радыёстанцый. У гэтым вельмі лёгка пераканацца: дастаткова патэлефанаваць у эфір любой з пералічаных FM-станцый і папрасіць паставіць песню аднаго з вышэйназваных гуртоў. Вам адмовяць.
Мы адчуваем сябе так, нібыта нам звязалі рукі, паставілі "на пальчыкі" і накінулі на шыю пятлю. Нібыта і не павесілі, але і жыццём гэта не назавеш. Таму мы хочам зрабіць наступную заяву:
1. Мы не з'яўляемся апазіцыяй, але маем грамадзянскую пазіцыю. І гэтая пазіцыя заключаецца ў тым, каб жыць і свабодна працаваць у сваёй краіне.
2. Мы - законапаслухмяныя грамадзяне і выконваем законы нават тады, калі яны скіраваныя супраць нас. Аднак цяпер мы сутыкнуліся з "тэлефонным правам" савецкіх часоў. І таму мы хочам ведаць, на якой падставе нас забараняюць і што мы парушылі.
3. Мы занепакоеныя дзеяннямі ўладаў, накіраванымі супраць сучаснай беларускай музыкі. Мы ведаем, што Міністэрства культуры распрацоўвае новае палажэнне: перад кожным выступам трэба будзе ўзгадняць (альбо "літаваць", як казалі ў савецкія часы) рэпертуар удзельнікаў канцэрта. Прыняццё гэтага палажэння Саветам Міністраў Беларусі - пытанне часу. Пасля гэтага нейкае журы атрымае магчымасць забараняць любыя канцэрты беларускіх рок-гуртоў. Лічым, што гэтыя дзеянні неправамоцныя і супярэчаць прынцыпам свабоды слова.
4. Мы звяртаемся да грамадскасці, тых, каго непакоіць гэтая сітуацыя, з просьбай накіроўваць лісты падтрымкі гуртам на адрас bum210704@tut.by
А таксама задаць дяржаўным чыноўнікам пытанне "Чаму забараняюць гурты?" па адрасах: Міністэрства культуры Беларусі: 220004, Мінск, пр-т. Машэрава, 11. Міністр культуры Гуляка Леанід Паўлавіч, факс 223-90-45. Міністэрства інфармацыі Беларусі: 220004, Мінск, пр-т Машэрава, 11. Міністр Русакевіч Уладзімір Васільевіч.
5. Прадстаўнікоў СМІ просім правесці журналісцкае расследаванне, у выніку якога адказаць на пытанне: хто звяртаўся на радыёстанцыі краіны і аддаваў загад не пускаць у эфір гурты, што выступалі на мітынгу 21-га ліпеня, хто і на якіх падставах забараняе цяпер гэтым гуртам удзельнічаць у канцэртах? Калі ніякай забароны няма - няхай пра гэта афіцыйна скажуць. Вынікі расследаванняў просім апублікаваць.
6. Мы плануем стварыць творчае аб'яднанне Беларуская Вунія Музыкаў (БУМ), каб змагацца разам і падтрымліваць маладыя гурты, якія сутыкаюцца з праблемамі пры арганізацыі канцэртаў. Усе, хто салідарны з намі ў імкненні свабодна жыць і працаваць у Беларусі, заклікаем далучацца да нашай ініцыятывы.
16.09.2004
наверх
|