ГЛАВА 3
За
півам я хадзіў даволі працяглы час – амаль месяц. Не чакаў, што атрымаю такі
моцны стрэс ад нягеглага запісу. Але, аднойчы ішоўшы па менскай вуліцы Леніна
(якраз за півам!) сустрэў старых знаёмцаў: Сярогу Канановіча, гітарыста, што
калісьці граў у HASTA LA FILLSTA, і Аляксандра “Ганса” Быкава, вядомага бубнача
раней зь менскага коравага саставу SEPTIC SCHIZO, а зараз з УЛІСУ. Ну і абодва
яны былі (і застаюцца дагэтуль) чальцамі згуртаваньня ZET. Прыплясваючы й
крыўляючыся мы крочылі далеў утрох, размаўляючы – безумоўна! – пра цяжкі лёс і
нястачу грошай на напоі. Пад гэтую гамонку высветлілася, што паколькі асноўныя
гурты нашых герояў на вакацыях, займацца ім няма чым, дык яны выдумалі
зьбірацца ўдвох на імправізаваныя рэпетыцыі, гэтак кажучы, рыхтаваць матэрыял.
Сярожа дзеля такое справы нават пачаў граць на бас-гітары. У Канановіча ў
кішэні апынуўся дыктафон, і мне, недаверліваму, хлопцы паказалі запісаныя
кавалкі. Паколькі хацелася піва, досыць сур’ёзна я ўсё гэта не ўспрымаў – да
таго ж яшчэ і сьпёка была!!! І тут Ганс чамусьці справакаваў усё далейшае адным
пытаньнем: “Памідар, а ці не патрэбныя табе басіт з бубначом?” Я, канешне,
сказаў, што патрэбныя. Канановіч недзе хвіліны тры нічога не казаў, а потым мы
(узяўшы піва, безумоўна!) дамовіліся на наступны дзень парэпетаваць разам. Так,
дурня пакідаць – бо мне ж таксама няма чаго было рабіць. І вось мы сустрэліся,
я паказаў хлопцам свае тэмы, мы пачалі дуркаваць, і... за якую гадзіну мы амаль
начыста зрабілі тры песьні!!! Тут я хуценька адклаў гітару, і прапанаваў
працаваць разам, а найперш падрыхтаваць да запісу праграму зь маіх песьняў, і
калі атрымаецца, паказаць яе на Басовішчы. Авантура была яшчэ тая, пры тым, што
быў пачатак ці сярэдзіна чэрвеня. Можа гэтае й зграла, бо хлопцы згадзіліся. Мы
правялі яшчэ две рэпетыцыі, склалі нешта кшталту праграмы, і пачалі прыдумляць,
каго б сола-гітарыстам паклікаць? Не паспеў я задаць гэтае пытаньне, як
Канановіч, што заўсёды выдзяляўся неадназначнасьцю мысьленьня, прапанаваў: “А
патэлефануй Кораню!”. Гэта было сьмела. Праз палову гадзіны мы разам
патэлефанавалі Славе, што таксама сядзеў без справы, і ён згадзіўся! Назаўтра,
прыйшоўшы на рэпетыцыю, Слава паслухаў нашую “працу”, і аб’явіў, што ўсё што
тут адбываецца – дзіцячы садок і размова немаўляці, што гэта бязглузьдзіца, за
два тыдні да Басовішча рыхтаваць праграму з нуля, але праз пятнаццаць хвілінаўт
гэтых філіпікаў пакруціў гук на комбіках і нашых прымочках, сам узяў гітару, і
мы пачалі паказваць яму тэмы. Каб доўга не размусольваць, скажу, што перад
выездам мы мелі дзесяць нармальна зграных рэчаў. Пры чым, некаторыя нарэшце,
загучалі так, як я сабе ўяўляў іх яшчэ падчас напісаньня! Гэта было супэр!!!
Але ўсё ж-ткі зь трохі іранічным настроем мы рушылі ў Гродек, на дванаццатае
Басовішча, якое мне яшчэ трэба было і правесьці. Гралі мы ў першы дзень, пасля
конкурснае часткі, і па ўласнаму адчуваньню – ня вельмі... Ня тое, каб зусім
кепска, не... Палепей за канкурсантаў... Але я сарваў голас на вядзеньні, і
таму амаль ня здольны быў сьпяваць, Ганс памыляўся з пачаткамі песьняў,
гэтаксама як і Слава. Але гэта ж нармальны працэс толькі сабранай каманды!
Карацей, някледзячы на некаторыя тэхнічныя хібы, выступ адбыўся, і я лічу што
паспяхова. Адразу пасля фэсту я выкаціў хлопцам прапанову дапрацаваць праграму
з улікам прайшоўшага, і рыхтавацца да студыі напачатку восені. Пасля нядоўгіх
перамоваў, прапанова была – дзякуй Богу і хлапцам! – падтрыманая.
Пасля нядоўгіх вакацыяў, мы сабраліся напачатку жніўня, і пачалі
перарабляць нешта, дарабляць іншае, нанова рабіць сёе-тое. Усё ішло як мае
быць, і на пачатак верасня былі прызначаны “студыйныя гадзіны” Пасля
кансультацыяў, вырашана было спыніцца на студыі “MezzoForte”, дзе быў добры
аналягавы магнітафон, спрыяльныя кошты, да таго ж адным з гукарэжысэраў там
працаваў наш агульны сябра Дзяніс “Аліса” Борбух. Ну і там былі добрыя бубны, і
шмат інструмэнтаў на ўсялякі выпадак. Пра прыгоды ў студыі тады распавядаць ня
буду, скажу толькі, што ў тую сэсію было запісана дзьве песьні: “Вітальная” і
“Новы Марш”. Матэрыял пайшоў на зьвядзеньне да Сяржука “Шлёмы” Лабандзіеўскага,
зь якім дамоўленасьць пра гэтае існавала ўжо гады паўтара, а мы ізноў пайшлі
рэпетаваць. У працэсе высвелілася, што я не магу сьпяваць пры стандартнай
наладцы інструмэнтаў, і мы трохі панізіліся. Слава таксама быў рады – цяпер яму
ня трэба было пераладжваць сваю гітару! (Забягаючы наперад, скажу, што тыя две
песьні так і засталіся запісаныя стандартна наладжаныя на Е, і ўвайшлі ў
альбом). Потым фантазіі Гансу наконт “кардану” ператварыліся ў нешта кшталту
хваробы, якая закранула ўсіх. Бубнач быў рэкрутаваны за інструмэнтам, і – на
дзіва! – зь ім вярнуўся! Усё загучала значна мацней і цікавей, і я вырашыў, што
можна распачаць другую сэсію запісу, тым больш, што падпіраў час: Канановіч з
Гансам апынуліся занятымі ў праекце КРАМБАМБУЛЯ, які напачатку сьнежня зьяжджаў
на запіс у Польшчу. Збоку прайшла запіс нязьдейсьненага дагэтуль праекту А.Сушы
па творчасьці Ў.Караткевіча, дзе я папрасіў УЛІС мне закампанаваць. Нават сырое
гучаньне запісу зь тэлебачаньня мяне вельмі ўзбадзёрыла! На календары быў
лістапад, і мы ізноў пайшлі ў “MezzoForte”, але на гэты раз ужо ня днём, а
ўначы! Праўда, у студыі была праблема – не было стужкі. Амаль безвыходную
сітуацыю вырашыў гукарэжысэр ПЕСЬНЯРОЎ Аляксандр Марозаў, мой даўні знаёмца. Ён
проста пазычыў два рулёна неабходнае стужкі зь нейкімі дублямі славутага
ансамблю яшчэ з гадоў пачатку дзевяностых.
Вы можаце не паверыць, але пачалі мы запіс недзе а дзевятай увечары, а скончылі
а палове на восьмую раніцы. За гэты час былі запісаныя ўсе інструмэнты,
заставаліся толькі два сола, і запіс вакалу. Але сьпяваць я зьбіраўся ў іншай
студыі. Да таго ж трэба было дапісаць яшчэ две акустычныя тэмы. Гэта
плянавалася рабіць паралельна са зводам, на студыі радыё “МІР” у Шлёмы. Такім
чынам, восемь песьняў зь (тады) дзесяці былі запісаныя, а на галовы ўжо
“павольна падаў сьнег”...
<---ГЛАВА 2